ТУ́РАВА-МАЗЫ́РСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Жыткавіцкім, Ельскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Столінскім р-нах. Яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, паліхромнасць і маляўнічасць вышыўкі гладдзю. Жаночы гарнітур меў 2 варыянты: кашуля, 2 фартухі, гарсэт (кабат), намітка, кашуля, андарак або спадніца, фартух, хустка. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі або з гесткай са стаячым ці адкладным каўняром. Буйнарапортны арнамент вышыўкі крыжыкам у чорна-чырвоным каларыце кампанаваўся ў выглядзе папярочнай паласы ў верхняй частцы рукава (радзей на грудзях), асобнымі рапортамі размяшчаўся ў шахматным парадку пасярэдзіне рукава. У кашулях з гесткай арнамент часцей вышывалі гладдзю і кампанавалі ўздоўж лініі крою. Пераважалі раслінныя матывы — кветкі і лісце руж, ягады і лісце каліны, кветкі вяргіні, шыпшыны; сустракаліся стылізаваныя выявы птушак, геаметрычныя ўзоры. Фартухі-крыскі шылі з адной полкі андарачнай суконнай тканіны з гарызантальнымі вохрыста-чырвона-чорнымі паскамі (на падоле ўзорысты шляк ткалі ў закладной тэхніцы). Белыя фартухі шылі з 1—2 полак палатна ці паркалю, аздаблялі вышыўкай гладдзю, карункамі, фальбонкамі. Андаракі найчасцей чырвона-малінавыя, затканыя чырвонымі падоўжнымі бела-вохрыстымі палоскамі, або клятчастыя ці гладкафарбаваныя чырвоныя, зялёныя, блакітныя. Спадніцы шылі з цёмна-сіняга, блакітнага, чорнага саціну, саржы, шоўку, шарсцянкі, каля падола аздаблялі 2—3 шлякамі нашывак пярэстых тасёмак, белых карункаў; прасавалі ў складкі. Гарсэты кроілі накшталт кароткага ліфа з серабрыстай або залацістай парчы, набіванага саціну, паркалю, шоўку, шарсцянкі (спераду паміж гарсэтам і поясам фартуха ўтваралася фальбона — напуск кашулі). На грудзях гарсэт аздаблялі нашыўкамі паскаў разнаколерных тканін, карункавых тасёмак. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец, хустка — белая даматканая льняная ці паркалёвая, багата аздобленая гладдзю паліхромнага расліннага ўзору, махрамі, і фабрычная чырвоная, сіняя, чорная. Мужчынская кашуля была тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай (арнамент геаметрычны, раслінны), падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, сукна. Вопратку — казачыну, світку, кажух — аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з сукна ці саціну, фалдаваннем, вышыўкай, штапам.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Турава-мазырскі строй. Касцюм дзяўчынкі. Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна.
Да арт. Турава-мазырскі строй. Дзяўчаты ў святочным адзенні. Вёска Ленін Жыткавіцкага раёна. Сярэдзіна 20 ст.

т. 16, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)